Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/65

Гэта старонка не была вычытаная

ВОСЕНЬ

I

Пад асенняй віхурай над хатаю
Ноч мільгае вялізнаю рыбай,
Адарванай галінаю кратае
Цёмнасінюю мокрую шыбу.

Па траве дождж шапоча і шастае,
Пад страхою шукае прыпынку;
Гнецца-корчыцца дрэва кудластае —
Не дае злы віхор адпачынку.

Гой-гой… — гойкаюць грозна і весела
Па страсе ашалелыя ветры:
З адзічэлага бору занесены,
З-пад хаванкаў балоцістых нетраў.

Ім забаўна між хат запалоханых,
Ім па комінах граць вельмі цесна:
Паміж хвояў, дажджамі заплёханых,
Прывальней, прастарней і пачэсней.

На балоце рудаўка багністая
Рассыпаецца ў плачу і квоху:
— Гэй, брыдзіце ка мне, ветры мглістыя,
Па сцяжынках пуховага моху!