Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/72

Гэта старонка не была вычытаная

Лезе ў вочы ззянне месяца.
Месяц яркі, як пажар.
Мне здаецца, стаіць лесвіца
З азярода аж да хмар.

А па лесвіцы па срэбранай
Нехта лазіць угару.
І кашуля на ім зрэбная,
І глядзіць ён на зару…

А зара яшчэ ледзь сцелецца,
Грае міскаю нябёс,
Сыпле іскры на аселіцу,
На вяршаліны бяроз.

А туман дыміць над грэбляю.
Млын, бы човен уначы.
Вецер носіць вільгаць глебную.
Птушка крыкне, замаўчыць.

1911 г.