„Там на пасеках мядовых,
Там у пушчах у хваёвых
Прыпаду да мшыстай горкі,
Там сустрэнуся з Ягоркам“.
Так Гануленька спявае
І на кладачку ступае.
Кладка крэхча ля парэчкі.
Бух — Ганулька упала ў рэчку.
Застагнаў чарот зялёны,
Закружыўся вір шалёны,
Кружаць кругі, зыбяць зыбкі,
Устрывожыліся рыбкі.
Праз дзён колькі пад ракітай
Знайшлі людзі збан разбіты.
Хоць шукалі многа часу,
А дзяўчына не знайшлася.
Каля рэчкі стаў Ягорка.
Хлопцу сумна, хлопцу горка.
Ён на чулых гуслях грае
І з грамадай размаўляе:
„Не тапчыце дробнай роскі,
Дробна роска — яе слёзкі.
Вы не рвіце незабудкаў,
Незабудкі — яе грудкі“.
„Не чапайце тут парэчкі,
Васількоў ля гэтай рэчкі:
Куст парэчкі — стан дзявочы,
Васількі — Ганулькі вочы“.
„Не касіце кволай траўкі,
Не чапайце птушкі-грайкі:
Квола траўка — яе волас,
Спевы птушкі — яе голас“.
Менск, 1917 г.
|}