Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/101

Гэта старонка не была вычытаная

БАЧЫЎ РАЗ Я, ЯК З-ПАД ХМАРЫ…

Бачыў раз я, як з-пад хмары
Заміргала ў небе зорка
І вакол па ўсім абшары
Асьвяціла дол і ўзгоркі.
Цені доўгія сьпяшылі
Па куточках расплывацца
І пры кожнай новай хвілі
Стала менш іх аставацца.
Промень сьветлага мірганьня
Над зямлёю віўся шэрай
І ў душы радзіў жаданьні,
Ў сэрцы-ж сумным будзіў веру.
Не глядзелі ў неба вочы —
Іх цягнула к нізу, к долу
Посьле нуднай цяжкай ночы,
Сьветам зможанай наўкола.
Я дзівіўся з зоркі раньняй,
Час-ад-часу к ёй вяртаўся
І ці надаўга мірганьня
Яе хопіць — ўсё пытаўся…
Але раптам скуль ўзяліся —
Ветры дзікія нагналі, —
Хмары ў небе расплыліся
Й зорку раньнюю схавалі.