Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

туры, выхапленыя з сучаснай рачаіснасьці. Але дыяпазон творчасьці ў зборніку „Урачыстасьць“ значна шырэйшы. Пясьняр выходзіць тут за межы Беларусі і Савецкага Саюзу. Ён часткова занатоўвае свае ўражаньні ад падарожы ў Нямеччыну. Поглядам поэты-пролетара акідае ён сучасны Бэрлін; пад Мішурнай абалонкай, поўнай надворнага бляску, бачыць ён тут хваравітае нутро, якое разьядаюць унутраныя соцыяльна-клясавыя супярэчнасьці.

Але вартасьць зборніка ня толькі ў гэтым топографічным пашырэньні творчасьці поэты; галоўная асаблівасьць „Урачыстасьці“ ў тым, што тут больш сакавітай і яскравай зьяўляецца эмоцыянальная афарбоўка рэволюцыйных тэм; тут выяўляецца сапраўдная пролетарская эстэтыка песьняра, эстэтыка рэалістычная, далёкая ад якой-небудзь містыкі, ад якога-небудзь імкненьня ў невядомыя далі. У сучаснасьці, у пераможным разьвіцьці рэволюцыі поэта знаходзіць свой вышэйшы ідэал хараства. Але сучаснасьць — гэта толькі асноўны адыходны пункт эстэтыкі Цішкі Гартнага. Рэволюцыя, праходзячы праз сьвядомасьць поэты, адкідае далёка ад сябе праменьні хараства на ўсё існуючае; і увесь космос, уся прырода перад зрокам поэты-барацьбіта стаіць у сваім сьвяточным убраньні. Так органічна нараджаецца другі цыкль зборніка „Урачыстасьць жыцьця“, які знаходзіцца ў цеснай сувязі з першым цыклем „Урачыстасьць рэволюцыі“. Поэта моцна адчувае хараство прыроды, яго вабяць да сябе чары ночы, чары вясны; ён імкнецца нібы растаць у бяздоньні прыроды, зьліцца з ёй, — адсюль прызнаньне:

Ў маёй душы — любові мора
Да вас, зялёныя гаі,
Да вас, міргаючыя зоры,
Да вас, захмарныя краі.
Вялікай сілай сьветавою
Мая істота ўся гарыць.
І прагне сэрца маладое
З прасторам вечным крэпка зьвіць.

Але Цішка Гартны далёкі ад ідылічнага назіраньня прыроды; яна сваім адвечным рухам абуджае сугучныя настроі