Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/169

Гэта старонка не была вычытаная

НЕ СЬПЯВАЙ

Не сьпявай у садзе, салавей залётны,
Ня трывож ты песьняй ціхага спачынку,
Ўчора ты і сёньня — роўна бесклапотны,
А ва мне ўскрашаеш нудныя ўспамінкі.
Твае песьні ў душу рвуцца няупынна
І катуюць сэрца мукамі бяз меры:
Я перажываю сёньня гадавіну —
Ўтратак беззваротны той глыбокай веры,
Якой жыў ўсім целам, якой жыў душою,
Ў якой дні міналі, быццам тыя хвілі,
I жаданьні зьзялі яснаю зарою
На маім пасмуглым, хмурным небасхіле…
Ты пяяў на ралах шатнае бярозы
Той заклятай ноччу першаю гадзінай,
Калі абмачылі мае вусны сьлёзы
Ад мяне забранай роднае дзяўчыны.
— „Буду я другога“ — мне яна сказала,
І з вачэй дзяўчыны сьлёзы паліліся…
Ўзрокам разьвітальным вочы заміргалі
І навек мы з ёю, мілай, рассталіся.
Я паслаў пракляцьце ворагу ліхому
І сьлязою горкай ў адзін міг абліўся…
Ты-ж, нямы, бяссэрдны к майму гору злому
Песьняю зычлівай, як цяпер, заліўся.

Смаленск, 1912