Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

На зьмену ім вынікае іншая, больш пекная зьява:

Шнуруюць скокам ёмкім
Німфы-ведзьмы, фэі-панны.

Рачаіснасьць і фантастыка, праўда жыцьця і мара, такім чынам, стаяць тут у Цішкі Гартнага ў адзіным абагульняючым сынтэзе.

Ня толькі тэматыка лірыкі Цішкі Гартнага значна пашыраецца зборнікам „Урачыстасьць“: тут заўважваюцца пэўныя дасягненьні і ў галіне формальна-мастацкай, галоўным чынам, у галіне эўфоніі і рытмікі. Цішка Гартны зьяўляецца тут зусім у новай постаці музычнага песьняра, які трапным злучэньнем асонансаў і алітэрацый можа ўтвараць сапраўдныя гукавыя мэлёдыі. Напрыклад, яго „Сымфонія“ становіць сасабою сапраўды музычны твор:

Мята, рожа, півонь,
Вішань сьвежых чырвонь —
Пах, мілаваньне…
Ветру павей у лісткох,
Дрэўцаў ціханькі ўздох —
Рух, калыханьне.

Тут і рытм, і самы падбор гукаў, і злучэньне рыфм, — усё робіць музычнае ўражаньне.

Цішка Гартны шукае новых для сябе рытмаў, у якіх можна было-б адбіць наш хуткабежны час. І сапраўды, некаторыя яго вершы адбіваюць рытм працы і рытм барацьбы. Яго верш „Праца“ перадае грукат і вярчэньне „процьмы кол“, якія —

Нясупынна,
Стройна, чынна
Ўюць кругі чарадою.

Трапныя гукавыя вобразы тут сапраўды даюць нам уяўленьне таго, як —

Шасьцярні
мятусяцца,
Імчацца
Стралою
Пасы.