Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/170

Гэта старонка не была вычытаная

ХОЧАЦЦА МНЕ…

Хочацца мне кветкі сьвежае, пахучай;
Хочацца мне ласкі цёплае, кіпучай;
Хочацца шырокай незьмяранай волі,
І шчасьлівай, рэзвай маладзенькай долі.
Хочацца прастору неаглядных даляў,
Краскамі убраных, няпрытомных жаляў
Ад любашчы шчырай, цёплай і салодкай.
Хочацца ўсяго так, хоць на час кароткі,
Каб я мог зьявіці запытаньне тое:
Для чаго я ўкінут ў мора жыцьцявое?..

Вількамір, 1912