Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/176

Гэта старонка не была вычытаная

БЭРЛІН

I

знадворку

Ня зьмераць вокам шырыні,
Даўжку — узрокам не акінуць!
Куды ні глянь — узрокі гінуць
Ў яго цяжкой велічыні.
На мерку зроўненых муроў
Ўстаюць крутыя рэбры дахаў,
Іх вежы, лёгкія, як птахі,
Ўздымаюць лес сваіх галоў.
Ля стыкаў вуліц, ля пляцоў
Сягаюць к небу кірхаў шпіцы,
Ў прастор паветра, ў бляск зарніцы
Нясуць шум грэшных гарадоў.
Уверх, уверх! Бо душны дол
Ў разрэзах цесных, вузкіх вуліц
Жыцьцё разьюшанае туліць
Каменнай цяжкасьцю вакол.
Як бурны вір ў глыбі зямлі,
Яно гудзе, ўсягды ў бясьсільлі
Разьбіць каменьні, што здавілі
Яго і выйсьце заляглі.
Гудзе й шуміць! і каб прарваць
Утомны скрэп, яно віруе,
Нібы кудысь ўцячы мяркуе —
Прасторам, воляй падыхаць…