Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/18

Гэта старонка была вычытаная

Другі прыклад: у вершы „Яна ідзе“ ў самым рытме мы сапраўды адчуваем цьвёрдыя крокі рэволюцыі, якая ў полымі барацьбы ідзе ўперад.

Форма, такім чынам, у Цішкі Гартнага вельмі часта адпавядае зьместу. Пясьняр руху, дынамікі знаходзіць адпаведныя рытмы, якія адбіваюць гэтую дынаміку; „Урачыстасьць“ становіць сабою мастацкае цэлае.

Але постаць, лірыка — гэта толькі адзін бок мастацкай істоты Цішкі Гартнага; творчасьць яго вызначаецца сваёй жанравай рознастайнасьцю: Гартны — поэта-лірык, драматург і адначасна белетрысты. І можна сказаць, што ў разьвіцьцё беларускай мастацкай прозы пісьменьнік даў асабліва значны скарб як у адносінах колькасных, так і якасных. Гартнаму належаць у данай галіне наступныя творы: зборнік апавяданьняў „Трэскі на хвалях“ (Менск, 1924); першы ў беларускай літаратуры соцыяльна-псыхолёгічны роман „Сокі цаліны“, які вышаў пакуль што ў дзьвюх частках (1-я ч. „Бацькава воля“, Бэрлін, 1921 г. і 2-я ч. „На перагібе“, Менск, 1926); нарэшце, апошні зборнік „Прысады“ (Менск, 1927 г.).

На кожным з гэтых твораў мы спынімся паасобку. Сам аўтар дае нам тлумачэньне назвы свайго першага прозаічнага зборніку „Трэскі на хвалях“. Сэнс вобразу выкрываецца ў перажываньнях героіні апавяданьня „На новым месцы“. Акіліна, як кажа пісьменьнік, „стала цёсачкай, якая плавае на бурных хвалях жыцьця; адны з іх пакорна плывуць па цячэньні, другія змагаюцца“. Адсюль у зборніку дзьве істотныя тэмы: пакуты людзей і іх барацьба.

Гэтыя дзьве галоўныя тэмы Цішка Гартны распрацоўвае ў аспекце соцыяльна-псыхолёгічным; пісьменьнік выкрывае нам трагічныя колізіі ўнутраных перажываньняў, ён выкрывае нам глыбіню людзкіх пакут і адначасна выяўляе прычыны гэтых пакут, якія таяцца ў ненормальных соцыяльных умовах дарэволюцыйнага ладу жыцьця. І вось перад намі ў апавяданьнях зборніка праходзіць даўгі рад пакутнікаў, якія зрабіліся ахвярамі гэтага ладу, поўнага супярэчнасьцяй соцыяльна-экономічнага парадку. Пісьменьнік імкнецца ўзварушыць нас