Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/188

Гэта старонка не была вычытаная

ТРЭБА ЖЫЦЬ

Ў хаце сьцюжы панаваньне —
Нечым запаліць,
Дроў ад лета ані званьня —
Патом трэба жыць…

З страхі зьехала салома, —
Вецер паразьнёс,
За платамі бураломам
Гольля зьбіў з бяроз;

Вокны выбіты да шыбы, —
Нечым залажыць,
Ў хаце хлеба ані скібы, —
Патом трэба жыць.

На насеньне ні збажынкі —
Пуста у хляве,
Бурай ходзяць успамінкі
Ў нуднай галаве.

Шчасьце віхрам праляцела,
Нельга тугі скрыць…
З болю сэрца скамянела,
Патом трэба жыць…

Скора прыдуць за падаткі —
Хату растрасуць;
Бяда ўлезе на папрадкі,
Злыдні кут займуць;