Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/233

Гэта старонка не была вычытаная

ПРАЦОЎНІК

Ён жыў прыціснутым к зямлі
І слухаў моўчкі сьвіст савіны,
А думкі чорныя цяклі
Па ўлоньні сьпячае краіны.

Па галах шэрых вузкіх ніў
Саха праводзіла разоры,
І ў іх ён сьлёзы ціха ліў,
І ў іх захоўваў сваё гора.

Зьмяняўся год, ішлі ў чаргу
Зіма, вясна, за летам — восень,
А песьні цяжкую нудзьгу
Лілі, як дождж, з іголак сосен.

Віселі коўдры чорных хмар,
І неба сінь ў сабе хавалі —
Праклёнам нейкім, трутай чар
Імпэт, пазывы дратавалі.

Як вокам мерыў, як пагляд
Празрысты вокал мог лажыцца, —
Вісеў на крыжы ён расьпят
І з сэрца сточваў сукравіцу.

Ў павеях ветру, у віхрох
Сягалі стогны і пакута
Па ўсіх закінутых куткох,
Па кнеях сьціснутых і скутых.