Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/236

Гэта старонка не была вычытаная

Ў гушчэчы цёмнай схованыя мрэлі знакі
І з кожным днём выяўней цешылі узрок
Таго, хто быў сабе няведаны, ніякі,
Хто лямку цяжкую бяз‘іменца валок…
Крануў прымус, збудованы прыгоннаю рукою,
З закутых вуст пачуўся зык, загнаны тлець,
Й агнём пранесься ён над моўнай грамадою,
Узьняўшы вочы смутныя сьмялей глядзець.
„Ці-ж можа жыць скітальнік бяспрытульны, бязымённы,
Ці-ж ён аброчаны ў няведаньні канаць?“
Кідала зоў жыцьцё вакол паміж мільёнаў,
Пачаўшы сілы сьпячыя зласьліва абураць.
„Ён ёсьць ўладар зямлі свае, свае радзімы,
Гвалтоўнай сілаю прымушанай губіць
Імя рабочага народу й сваё імя
Й няведнай доўгімі вякамі жыць…
І дзень за днём мацней, бурлівей і магутней
У окліч стройны ўсеахопны выліваўся зоў,
Што з поступам жыцьця зышоў тайком нячутна,
Каб зьліцца потым ў громны огук галасоў;
І раб разгойдаўся вагромністаю гушчай,
Ў бакі хільнуў — і крэпкі ён парваў ланцуг,
І нібы вецер бурны векавою пушчай
Ім стаў абурваць вызвалены дух.
З канца ў канец пранесься обуд зычным гудам,
З канца ў канец маланка ў сьветлу пранясла
Крыластае: „Цярпець мы больш ня будам
Пагарды цяжкай панска-царскага ярма“.
Й агнём апалены, крывавай ўвіты стужкай,
Ўвянчаўшы крыж ад серпу з молатам ўгарэ
Над шляхам ўзьнёс сваім працоўнік беларускі,
Айчыне вольнай назву-імя БЭ, СЭ, СЭ, РЭ.

Менск, 1921

|}