Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/241

Гэта старонка не была вычытаная

ЧЫРВОНАЯ РАДЗІМА

I

СЛУЧЧЫНА

Распасьцерлася раўнінаю,
Стройнаю распласталася…
Беларускаю Ўкраінаю
He здарма ўсё-ж назвалася.

Лугам-поплавам мурожнымі
Полем нівамі ўроднымі,
Як ядвабам разложаным,
Пазіраеш ты, родная.

Паглядзець скрозь — неасяжная,
Вісьне неба паземамі,
Шмат палеткі твае ўражая
Абсякала рука крэменем.

Йшлі грамадамі нязьлічнымі
Белапанскія коньнікі,
Руйнавалі нашчэнт, нішчылі
Хаты, поле і хвойнікі.

Дымам-полымем курылася
Праца цяжкая, чорная!
За свабоду шчыра білася
Вёска скрозь — непакорная.