Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/271

Гэта старонка не была вычытаная

РОЖА

Ў саду ірдзіцца чырвань рожы
І сад зялёны па-над ёю
Сваёю рутнаю шатою
Уклоны ветлыя ёй ложыць.
Лісты шапочуць, як павее
Нячутны ветрык з вольных ніў:
„Як дзіўна, рожа, чырванееш,
Бы кроўю хто цябе наліў“.
А рожа гоман лісьця чуе
І шэпт адказны падае:
„Ў адзежы вогненай маей
Сапраўды кроў ваяк існуе.
У доўгай бойцы іх мільёны,
Пасьцёкшы кроўю, паляглі,
А я кроў выссала з зямлі
Сабе на колер на чырвоны.
І новы цуг ваяк прыходзіць
Братом пагінуўшым на зьмен,
З маёю кветкаю узводзіць
Комуны сьветлай вечны дзень“.

Менск, 1921