Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

лым консэрватызмам, тупой нянавісьцю да бядняцтва і чыста „дамастроеўскім“ сямейным дэспотызмам: над праявамі маладога юнацкага жыцьця тут вісіць „бацькава воля“. Але сямейная драма, як зазвычай у Цішкі Гартнага, пераходзіць у драму соцыяльную, адсюль мотывы жанравыя ў яго цесна пераплятаюцца з мотывамі соцыяльнымі; трапна паказана расслаеньне мястэчка на кулакоў і беднякоў, выяўлена вострая соцыяльная барацьба паміж гэтымі пластамі, мастацка акрэсьлены фігуры мясцовых рэволюцыянэраў, загартаваных у барацьбе, ды інш.

У другой частцы на першы плян высоўваецца соцыяльны зьмест. З душнага, атручанага дэспотызмам провінцыяльнага мястэчка аўтар выводзіць нас на шырокую прастору буйнага прамысловага цэнтру. Тут зарысавана фабрычнае жыцьцё, мастацка паказаны рабочы рух з яго дэмонстрацыямі, забастоўкамі ды іншымі праявамі актыўнай рэволюцыйнай барацьбы. У гэтай насычанасьці багатым рэволюцыйным зьместам раскрываецца сэнс назвы роману: „Сокі цаліны“ — гэта маладыя рэволюцыйныя сілы, якія пачалі актыўную барацьбу з царызмам. Стары рэволюцыянэр Міхась з вялікім здавальненьнем бачыў, „што з кожным часам новыя і новыя шэрагі ваяк выступаюць на арэну змаганьня за вялікія ідэі вызваленьня працоўных: багатая сокамі цаліна агромнай краіны пусьціла маладыя пасынкі“. („На перагібе“, стар. 84).

У цэнтры роману стаіць Рыгор Нязвычны. Гэта тыповы рабочы барацьбіт; ён максымалісты па сваіх пераконаньнях і ўчынках; на сходзе ён, наўпрэкі памяркоўнаму настрою іншых рабочых, стаіць за ўзброенае паўстаньне, выступае з гарачымі, палкімі прамовамі: першы сьпевам марсэльезы ўцягвае рабочых у дэмонстрацыю, у часе гэтай дэмонстрацыі кідае ў паліцэйскіх каменьні і г. д. Але адначасна Рыгор не парваў яшчэ сувязі з вёскай, у яго прабіваецца і некаторая цяга да вясковага побыту, замілаваньне да вясковай прыроды. Вось, напрыклад, як малюецца адзін з момантаў яго перажываньняў: „Нейкая магутная сіла цягі к далёкім вобразам затуліла шэрай плеўкай шырокую галу яго небасхілу,