Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/311

Гэта старонка не была вычытаная

У МАІМ НУТРЫ…

Ў маім нутры — любові мора
Да вас, зялёныя гаі,
Да вас, міргаючыя зоры,
Да вас, захмарныя краі!

Вялікай сілай сьветавою
Мая істота ўся гарыць,
І прагне сэрца маладое
З прасторам вечным моцна зьвіць.

Бо тыя дзівы, тыя чары,
Якімі поўна неба сінь, —
Па ўсім разгорнутым абшары,
Куды узрокам ты ні кінь, —

Трывожыць сэрца, родзяць зовы,
Ляцець-ляцець, зьнябыўшы жаль,
Шукаць красы ва-векі новай,
Здымаць заслону з цёмных даль;

І гай зялёны, й луг шырокі
Хадой няўпыннай абмяраць,
Ад нізу ўгору, ў гал высокі
Крылатай птушкай узьлятаць;

І ў моры променнага сонца,
Ў мірганьні срэбраным сузор
Лятаць, насіцца там бясконца,
Вакол зьмяраючы прастор;