Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/321

Гэта старонка не была вычытаная

Я ЙДУ ДА ЎСХОДУ…

Я йду да ўсходу вузкай сьцежкай;
Абапал рунь цішком шуміць;
А далей, там, за тонкай межкай,
Абшар лугоў, бы ток, ляжыць.

Супроць мяне на многа гоняў
Сьцяною стаў пануры бор,
І бачу я, як сноп чырвоні
Над борам сьцеле пекны ўзор.

Праз купы дрэў, праз голкі сосен,
Праз лісьці трэплыя дубоў
Лаўлю я ніткі яго кросен
І мяккі выгіб касьнікоў.

Лаўлю і чую, як паволі
Ў маё нутро праходзіць дух
Якойсьці прагнай буйнай волі,
Пазыў нястрыманы на рух.

Ўстаюць чаргою чыннай, цеснай
Жаданьні палкія, задзёр —
Абняць увесь той гал прадлесны,
Расьлінай высланы прастор.

І чырвань зыркую з-пад бору
Зьнясьці цалком на пахкі дол,
Каб сеяць шчодра мерай спорай
Па ўсёй зямлі, як ёсьць, вакол…