Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/34

Гэта старонка не была вычытаная

гэтая сямейная драма пераходзіць у драму соцыяльную. І тут ускрываюцца соцыяльныя спружыны барацьбы двох пластоў насельніцтва перадрэволюцыйнай вёскі — кулацтва і бядняцтва. Нарэшце, дзьве астатнія п‘есы — „На стыку“ і „Дзьве сілы“ — узяты з сучаснага жыцьця; яны рысуюць барацьбу старога і новага ў шэрагах местачковай і заводзкай інтэлігенцыі.

Мы можам цяпер зрабіць некаторыя абагульняючыя вывады адносна творчасьці Цішкі Гартнага.

Псэўдонім добра характарызуе і асноўную асаблівасьць творчасьці пісьменьніка.

Цэнтральным стрыжнем гэтай творчасьці зьяўляецца абрысоўка актыўнага ўзьдзеяньня працоўнага чалавека на вакольную рачаіснасьць. Такое ўзьдзеяньне можа раскрывацца ў форме працы і ў форме барацьбы за соцыяльную перабудову грамадзтва. Адгэтуль органічна вынікаюць у творчасьці Цішкі Гартнага дзьве асноўныя тэмы яго творчасьці: праца і рэволюцыя.

Працу пісьменьнік малюе ў рознастайных аспектах, і гэта рознастайнасьць адпавядае розным ступеням уласнага працоўнага дасьведчаньня пісьменьніка. Хлопчык-падпасак у маленстве, гарбар у юнацтве, рабочы на рубяжы юнацтва і сьпелага ўзросту, адказны партыйны і савецкі працаўнік у апошнія гады, — вось тыя асноўныя завіткі, з якіх складаецца, як мы бачылі вышэй, сьпіральны стрыжань біографіі Гартнага. Усе гэтыя завіткі адбіліся і на творчасьці песьняра.

У маленстве і раньнім юнацтве пісьменьнік па ўмовах свайго пачатковага выхаваньня і пачатковай профэсіі падпаска быў зьвязаны з вясковым бытам і сялянскай клясай. На матчыным улоньні вясковай прыроды выпукляліся першыя парасткі яго мастацкага пачуцьця. Таленавіты хлопчык-пастушок ня раз у сваім маленстве адчуваў поэзію вясковай раніцы, калі на далёкім небасхіле гаснуць апошнія начныя зоркі і на зьмену ім пераможна запальваюцца ружовыя сонечныя праменьні, яны нібы вітаюць перамогу сьвятла над цемрай, радуюцца прыходу новага дня. У такія моманты пастухоўская жалейка маленькага хлопчыка ня раз, відаць, абуджала прасторы соннага Капыля. У такія моманты, можа ня раз, у чулую душу бу-