Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/37

Гэта старонка не была вычытаная

калькімі пабежнымі рысамі накідвае ён вобраз каваля, які жвава завіхаецца каля сваёй цяжкай працы: трэба грэць жалеза ў агні, молат важкі трымаць і адначасна „не забыцца, каб мех у свой час паддуваць“. У некалькіх строфах лірычнага вершу тут схоплены тыповыя адзнакі гэтай прымітыўнай саматужніцкай працы, якая ня ведае яшчэ дыферэнцыяцыі паасобных функцый і адбываецца ў жабрацкіх умовах. На момант спыняе сваю ўвагу поэта на постаці грабара, „які ўсё жыцьцё сваё, дзень у дзень, год у год, землю цяжкай лапатай капае, як крот“. Грабар ставіць перад сабой пытаньне, што ён мае за сваю цяжкую працу, што дала яму зямля, абмытая яго потам і сьлязьмі. І на гэта пытаньне даецца сумны адказ:

О, дала яна мне, ой, за працу дала:
З калючковых расьлін мне вяночак спляла,
З медзі звонкай, цяжкой даравала шкурок,
А дарогу жыцьця ухарошыла у мрок,
Каб я йшоў, як сьляпы, каб бясконца я йшоў,
Землю вечна капаў і дабра не знайшоў.

Вобраз грабара зьмяняецца ў Цішкі Гартнага на вобраз ткачыхі, якая „за варштатам дні і ночы, у духаце нязноснай… старанна і ахвоча тчэ-ліцуе кросны“.

У распрацоўцы данай тэмы працы дыяпазон творчасьці Цішкі Гартнага з цягам часу ўсё больш і больш пашыраецца, адпаведна пашырэньню ўласнага кола яго жыцьцёвых назіраньняў і працоўнае практыкі. Калі ў ранейшых сваіх творах пясьняр пераважна абмалёўвае нам індывідуальную працу рамесьніцкага характару, то ў творах пазьнейшых ён усё больш i больш пераходзіць да абмалёўкі працы колектыўнай: у кола мастацкіх зарысовак пісьменьніка замест дробнай майстэрні ўжо ўваходзіць фабрыка і гута. Так, у романе „Сокі цаліны“ замест „сьмяртэльнага“ сьвісту касы, замест аднастайнага шорганьня гарбарскай сабачкі або ткацкага чаўнака чуецца ужо магутны грукат фабрычных рычагоў, сьвіст фабрычных пасаў, бразгат сталі. Вось, напрыклад, як апісвае Гартны момант, калі на заводзе пачынаецца праца — „…Завод рушыў усё вакола зашыпела, закруцілася, заляскала, забранчала. Ня-