Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/38

Гэта старонка не была вычытаная

прыкметна рабочыя разышліся па мясцох і прыняліся, хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубілы. Зьнізу хлынула пара, перамешаная з дымам, смуродным ды ўдушлівым. Зазьвінелі ўдары малатоў па жалезе“. Вось гэтыя ўдары малатоў, музыка фабрыкі, улада жалеза таксама знайшлі сабе тыповы і рэальны адбітак у творах Цішкі Гартнага.

Апошнім этапам у разьвіцьці данай тэмы працы зьяўляецца ў творчасьці нашага пісьменьніка абмалёўка ім напружанага творчага ўздыму ў галіне сучаснага савецкага будаўніцтва. Сам адказны партыйны і савецкі працаўнік, пісьменьнік здужаў і тут даць нам яскравыя, поўныя жыцьцёвай праўды, малюнкі, якія зьяўляюцца рэхам нашых бурлівых дзён. Цішка Гартны выяўляе асаблівую здольнасьць нават у нашай штодзеннасьці схапіць захованы рытм новага будаўнічага жыцьця. Ён маляўніча паказвае нам, як усюды — у саўгасе, райвыканкоме, сельсавеце, райміліцыі — ідзе сваё напружанае жыцьцё, цагліна за цаглінаю кладзецца ў падмурак новага соцыялістычнага грамадзтва. Уся сучаснасьць рысуецца поэтам, як панаваньне працы, як бязьмежнае будаўніцтва:

То ня вецер у пушчы гудзе,
То ня хвалі на моры бушуюць —
То грамады працоўных людзей
Сабе лепшую долю будуюць.
Ўкол руйнуюцца ўціску муры,
Ападаюць жалезныя краты;
Дні прыгонныя цяжкай пары
Адыходзяць у вечныя страты.
А сьлядамі Комуна ідзе,
Панаваньне навекі будуе…
І жыцьцё, нібы пушча, гудзе,
І жыцьцё, нібы мора, бушуе.

Такім чынам, праца выяўляецца песьняром у розных аспэктах: паказана вясковая праца, абмалявана праца рамесьніка, даны абразкі фабрычна-заводзкага жыцьця, адлюстрованы творчы ўздым сучаснасьці.