Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/42

Гэта старонка не была вычытаная

джаньне дэмонстрацый, агульныя забастоўкі — усё гэта намалявана ў тыповых вобразах, схоплены рытмы, якія прадвяшчалі вялікую лявіну Кастрычніка.

Непасрэднай барацьбе за Кастрычнік прысьвечаны лепшыя старонкі як лірычных, так і эпічных твораў Цішкі Гартнага. Папершае, ім выяўлена героіка рэволюцыі. Гэта героіка — вынік вялікага ўздыму працоўных мас, вялікай напружанасьці іх волі, якая загартавана ў муках жыцьця. У вершы „Работнічая і сялянская рэволюцыя“ трапна акрэсьлены даныя крыніцы герочнага патосу рэволюцыі:

Яна прышла к нам ад станкоў
З падземных шахтаў, з руднікоў;
Хто ў муках дні жыцьця правёў,
Той к нам яе з сабой прывёў.
Пад сьвіст гудкоў, пад вёрт калёс,
Пад голад, холад, недасон,
Адвагай гардай абнясён —
Ваяк чырвоных легіён
Ля бойкі слаўнае узрос.

Поэт захоплены соцыяльным катаклізмам; грымнуўшы наўкол вялікі гром рэволюцыі спараджае ў яго душы адказныя водгукі, і пясьняр у захапленьні кліча:

Гары-ж, агонь Кастрычніка, гары,
Свой промень зыркі раздувай,
Няхай ён зьзяе з краю ў край…
Хто сьпіць да гэтае пары,
ЎСТАВАЙ!

Пісьменьнік дае нам цэлы шэраг героічных малюнкаў рэволюцыі.

Калі змоўклі гарматы грамадзянскае вайны, калі шырока разгарнулася савецкае будаўніцтва, Цішка Гартны чула выяўляе гэты рытм новых дзён. Рэволюцыя абмалёўваецца ім ужо не ў сьвяточнай вопратцы, а ў штодзеннасьці напружанага змаганьня за соцыялістычны лад. Лейт-мотыў яго апошняга зборніка „Прысады“ — гэта героіка працы над будаўніцтвам новага жыцьця.