Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/45

Гэта старонка не была вычытаная

чай домінанне гэтых перажываньняў падпарадкаваны і іншыя компонэнты творчасьці Цішкі Гартнага.

Літаратурны портрэт будуецца ў яго звычайна на прыёме лейт-мотыву, які адпавядае агульнай волюнтарысцкай устаноўцы творчасьці. Апісваючы надворны выгляд сваіх герояў, пісьменьнік надзяляе іх рухавасьцю, сілай, падкрэсьлівае ў іх выраз валявой мэтаімкнёнасьці, вытрыманасці. Вось, напрыклад, як малюецца портрэт Лаўрэна Сявені ў апавяданьні „Таварыш“; „Сярэдняга росту, худашчавы з твару, брыты; рухавы, з пранізаватым узрокам, з яўным выразам рашучасьці“. У портрэце рэволюцыянэра Сёмкі вызначаецца яго самаўпэўненасьць, як вынік валявой вытрыманасьці: „высокі, стройны, з кудрастымі валасамі, сінявокі, белатвары, сьмяшлівы заўсёды, спакойны ў горы і шчасьці“… — вось быў Сёмка, гаворыць аўтар. У портрэце Рыгора Нязвычнага нават такая драбніца, як „узмахі рукі пружыністыя, кароткія“, трапна адпавядае агульнай загартаванасьці героя. Творчая домінанта пісьменьніка, яго эмоцыянальна-валявыя імкненьні, азначаюць сабою і літаратурны пэйзаж Цішкі Гартнага. Даны компонэнт не адыгрывае самастойнай ролі ў творчасьці пісьменьніка. Прырода малюецца ім, папершае, як фон працы; яна ўваходзіць як адзін з складовых элемэнтаў у абразкі касавіцы, жніва і інш. Падругое, прырода бярэцца як антытэза, якая процістаўляецца брыдкім умовам майстэрні. Гэткую антытэзу поэта расчыняе ў сваіх „Песьнях гарбара“:

Там, за вакном, ціха неба сінее,
Сонца там дзіўна і сьвеціць і грэе,
Я-ж у сьпякоце,
Ў гразі і у поцe, —
Я на рабоце…
Цягнуцца к лесу чароўныя далі;
Мураўкай, поплавам землю заслалі,
Як дываном;
Там ноччу і днём
Вясельле кругом…
А я, адарваны ад гэтай красы,
Запёрты нядоляй ў чатыры сьцяны
З сабачкай, з нажом
І ноччу, і днём
Стаю за сталом…