Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/46

Гэта старонка не была вычытаная

Нарэшце, прырода выступае ў Цішкі Гартнага як суб‘ект барацьбы, як носьбітка процілежных элемэнтаў. Поэта ня любіць рысаваць ідылічных малюнкаў прыроды, яму больш падабаюцца грозныя, магутныя зьявы яе. Адсюль нараджаюцца ў яго малюнкі навальніцы, завірухі, у якіх поэта бачыць сваяасаблівы бунт прыроды; ён, напрыклад, зазначае:

Люб мне ветру посьпеў люты —
Песьні вольнай вызваленьне,
Калі цішы мёртвай путы
Ўсё губляе з аблягчэньнем.

Ня любіць поэта мёртвай цішы ў прыродзе; таксама адпіхае яго ад сябе і „мёртвая ціша“ ў жыцьці людзей. Тымчасам гэта ціша атачала яго ў форме спрадвечнага быту дарэволюцыйнай Расіі. Цішка Гартны ня мог абмінуць гэтага быту, на свае мастацкія палотнішчы ён наносіць і шматлікія чыста жанравыя зарысоўкі, але даныя зарысоўкі таксама выяўляюць сваяасаблівую манеру аўтара. Толькі працоўны быт сялянства выклікае да сабе замілаваньне пісьменьніка, у гэтым быце ён выяўляе сваяадменнае хараство, глыбока захаваны эстэтызм працы. Другі об‘ект жанравых зарысовак Гартнага — сямейны быт — выступае ў яго ў зусім іншым асьвятленьні, пераважна як адмоўная зьява. Пісьменьнік выкрывае брыдкія падставы сям‘і местачковага мяшчанства і кулацтва; ён паказвае нам, што гэта сям‘я грунтуецца на деспотызьме, комэрцыйных разьліках, што яна калечыць жыцьцё чалавека. Зося, героіня роману „Сокі цаліны“, абмалёўваецца як няшчасная ахвяра такога спрадвечнага сямейнага быту. Жанравыя зарысоўкі пісьменьніка ў большасьці прасякнуты духам антымяшчанства. З вялікім засмучэньнем, амаль у сатырычных рысах, абмалёўвае, напрыклад, аўтар мяшчанскую багну местачковага жыцьця: „У Сілцох самыя маленькія здарэньні: як вясельле, радзіны, нават асьвячэньне хаты ці другія дробныя папойкі, былі нейкімі асобнымі навінамі, аб якіх стараліся праведаць усе мяшчане, і аб якіх гутаркі знаходзіліся на цэлыя тыдні. У такім ціхім стаячым жыцьці, якое панавала ў Сілцох, і ня дзіва, што кожная муха — заваруха: кожнаму надаваляе аднаковасьць да ача-