Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/95

Гэта старонка не была вычытаная

Я ЛЮБЛЮ…

Я люблю, калі небны абшар,
Неспадзевана ўсім, нечакана,
Убярэцца ў адзежыну хмар,
Буйным ветрам здалёку нагнаных;

Калі гром над зямлёй прагрыміць,
Аж навокал зямля скалыхнецца,
Ды маланка агнём пачне неба паліць,
Аж яно на кавалачкі рвецца;

Калі вецер свой узьвей завядзе,
Разбураючы ўсё прад сабою,
І вакол, як ні глянь, усё гудзе,
Ў нясустрыманым буйным развою…

Я люблю гэты час! Яго ўздым
Непакорнай свабоднай стыхіі!
Нешта блізкае бачу я ў ім,
Што нутро маё радасьцю мые!

Капыль, 1912