Пераступіў з двара на вуліцу і закінуў руку на Марылю.
— Сьвет табе ня міл, кабеціна. Кажы!
— Я да прыстава хачу!
— Хэ-хэ-э-э! Да прыстава! А са мною брыдкуеш?
Стражнік ткнуў тоўстаю, пруткаю рукою Марылі ў грудзі. Марыля адхілілася.
— Адкасьніся… я сур’ёзна, а ён…
— Кажы, ну?
— Вілаў Ігнась прыехаў… Толечкі вось-во… я напаткала… Цяперка пойдзеце і зловіце па сьвежых сьлядох… Прыставу скаж…
— Сарамотніца, маеш ахвоту лётаць ноччу… Пайшла-а вон!..
— Прыставу далажэце… я патрабую… Я буду жалавацца, калі вы заведамага соцыялістага абараняеце… Я буду…
Марыля загукала і раптам спынілася. Зарвалася… Хапілася рукамі за голаў і мігам дала бегу ад стражніка…
— Стой! Сто-ой! Страляю!
Стражнік навёў ліхтарню ўздоўж пляцу і злавіў вачмі ў проміне часты пералёт голых кабечых ног. Хутка выхапіў рэвольвэр і стрэліў.
Зычнае рэха аддалося ў некалькіх бакох. У многіх будынках выбліснулі агоньчыкі.
Вартаўнік падаў адрыўны, з пералівамі, рэзкі посьвіст.
Завыла ў розных канцох некалькі сабак…
Марыля бегла, колькі хапала сілы. І, бягучы здавалася, ёй, нібы сотня куль, як чмялі, носяцца паўз вушы, бзынкаюць, гудзяць.
Назад, як сьмерці, баялася аглядацца. Раз-по-разу стукалася пальцамі аб каменьне; як ні паднімала спадніцу — усё яна мяшала.
Думкі драбіліся — як пад каменем шкло. Не злавіць было кіруючай ніткі. «Дом» — падавала пачуцьцё інстынкту.
Прага пабачыць вынікі свае помсты — стухла, затулілася нейкім нявыразным брыдлівым пачуцьцём…