сачыць за ўсімі, хто заходзіў у іспалком і хто з яго выходзіў. Праўда, Сідора з Марыляю яны чакалі з часу на час, пазіралі ў вакно, думаючы ўгледзець ідучымі, але прапусьцілі й ня прымецілі, калі Сідор з Марыляю зайшлі ў іспалком. Вось усе ўтраіх так і пастанавілі, калі распачалася конфэрэнцыя, што Сідор, мабыць, матнуў на яе рукою й ня прыдзе паслухаць. На гэтым і спыніліся-б, каб выпадкова Паўлюк не азірнуўся ў вакно якраз у той момант, калі Сідор з Марыляю выйшлі з двара іспалкому.
— А во, бачыце! Сідор з Марыляю пайшлі! Усё-ж былі тут, — ціха падаў Мірону й суседзям Паўлюк.
Тыя паглядзелі ў вакно.
— Так, так! Пэўна, што тут быў. Давайце дагонім, — запрапанавала Варвара.
— Давайце, чаго далей слухаць! — згадзіўся Паўлюк. Пяцёра іх — Паўлюк, Мірон, Варвара і двое з дэлегатаў: настаўнік з вёскі Шула і лясьнічы з Шулаўскага лясьніцтва — таўхаючыся, праціснуліся да дзьвярэй і выйшлі з іспалкому. Сідор з Марыляю ўжо падыходзілі да ўзгорку на рынку.
— Гукні! — падаў Мірон Паўлюку.
Той стуліў пры губах рукі й гукнуў:
— Сі-ы-до-ор-р!!
Сідор з Марыляю абярнуліся й пасталі.
Праз пяць ці шэсьць хвілін да іх падышлі Паўлюк з кампаніяй.
— Ну, дзе-ж былі, Сідор Гарасімыч? — запытаў Паўлюк Сідора, вітаючыся з ім і знаёмячы яго з шулаўцамі.
— Дзе быў? Пэўна там, дзе й вы…
— А вы ў іспалкоме былі? — перабіла Марыля.
— Вядома што! Вось угледзелі вас праз вакно і выйшлі… Чакалі-чакалі і думалі, што вас там ня будзе, — рэзва адмовіла Варвара.
Гаворачы, яны ўсе разам кранулі йсьці.
— Куды-ж цяпер, Сідор Гарасімыч? — крыху прайшоўшы, запытаў Паўлюк.
— Трэба на кватэру, — адказаў Сідор.