— Што за трасца! Няўжо гэта вораг падыйшоў к Быстраўцы? — і каб усё-ткі праканацца, ён падбег к вакну і паглядзеў на двор. Густая цемра паўднёвай зімовай ночы ахутала яго; толькі прамень, цягнучыся доўгаю палоскаю ад вакна, расьсякаў яе, кладучыся на брудную ад гною зямлю і дастаючы сваімі канцамі пахіленага частаколу саду.
Панкел сьмела адвярнуўся ад вакна на казарму, у якой з грамады жартуючых чырвонаармейцаў ніводзін на’т і не зьвярнуў увагі на стрэл. Гэта Панкела супакоіла, і ён паважна вярнуўся да койкі, пацягнуўся над ёю соладка і зноў разьлёгся…
Але ўжо заснуць ня мог: утома мінула, а сон ня меў сілы збароць вакольнага шуму ў казарме. Аднак, Панкел усё-ж не хацеў уставаць, сілячыся ляжаць нярухома, абдумоўваючы наступнае. І вось да яго зьявіўся Проў.
Скончыўшы свае справы на станцыі, Проў вярнуўся ў казарму. Ён быў вясёлы і задаволены. Аб яго задуме ведаў тут толькі Панкел, з якім Прову няйначай трэ’ было сягоньня-ж пагутарыць аб прадстаячай справе. Пераступіўшы парог часовай казармы, Проў раптам пакіраваў да Панкела. Падышоўшы, ён перш не адважваўся яго зачапіць, думаючы, што Панкел сьпіць, і крыху пачакаў, ласкава гледзячы яму ў твар. Потым рашыўся і крануў Панкела за руку. Панкел мігам расплюшчыў вочы і глянуў у твар Прова.
— Ня сьпіш, Панкел? — запытаў Проў з лёгкаю ўсьмешкаю.
— Дагэтуль спаў, ды стрэл абудзіў, — адказаў спакойна Панкел, паднімаючыся і садзячыся.
— Які стрэл? — зьдзівіўся Проў.
— Ды вось тут, пад вакном: мабыць, вартавы па неасьцярозе стрэліў.
— Ну, і што?
— Нічога.
— Ага!.. — Проў крыху падумаў. — Ведаеш, Панкел, я хацеў-бы з табою пагутарыць аб сім аб тым, — запрапанаваў ён.