Для Панкела гэта было нечакана, і ён ажно жахнуўся і зьдзіўлена запытаў:
— А многа нас пойдзе?
— Чалавек з трыццаць…
— Тры-ыц-ца-аць? — цягуча й здзіўлена праказаў Панкел.
— Але! Чаго-ж дзівішся, а? Чым больш — тым лепш. Будзь гатоў, а я пайду… Мне трэба йсьці… — скорамоўна пераказаў Проў і, пакінуўшы Панкела, хутка пабег з будынку.
Панкел падняўся з койкі, нейкі час пастаяў на адным месцы, нібы ашаломлены, з замершымі думкамі й разбураным пачуцьцём і ўвесь затросься.
Такая раптоўная разьвязка перапужала яго й нанова прывяла к сумненьню… А да гэтага яго нутраны папрок выяўляўся ўсё ясьней і выразьней. Сударажна Панкел сыйшоў з месца і ціха, несьвядома пачаў зьбірацца. Рукі паслушна, часта мімавольна ходзячы, сабралі пасьцель, палажылі ў куфэрак рэчы, паставілі яго пад койку; потым надзелі на яго фігуру шынэль, ворак і патронную рамухоўку, а ногі самі крануліся к выйсьцю з казармы. Панкел заручыўся ад суседа пасачыць за яго куфэркам, усё яшчэ думаючы вярнуцца, ня верачы ў надышоўшы задум, а ўсё лягчэйшае й каштоўнейшае забраў у ворак, у кішэні, запазуху. Праз плячо ён павесіў вінтоўку, а к боку да пояса прычапіў рэвольвэр.
Выходзячы з казармы, ён некалькі разоў акінуў яе пільным узрокам, нібы баючыся, каб самыя сьцены не данесьлі нікому, пакуль ён скончыць усё.
Чырвонаармейцы, між якімі праходзіў Панкел, не зьвярталі на яго ніякае ўвагі: мала куды і зачым яго пасылаюць! Кожны дзень ідзе каравул, пост, разьведка, дняваньне.
Толькі адзін, занадта ўжо цікаўны ці няўцерпны, калі праходзіў між яго Панкел, запытаў:
— Куды гэта, таварыш?
— У разьведку, брат, іду, — ахвотна, не падазраючы нічога, адказаў Панкел і неяк быў задаволены тым, што хоць адна душа ды зацікаваліся ім.