думаў, што зробіць гэтым прыемнасьць жонцы, і тая з патрэбнай увагай паглядзіць на артыстку і раптам — на табе — адкрытая варожасьць. Ладымер ня мог заставацца спакойным, бачачы нялюдзкае абхаджэньне Акіліны. А калі яна пайшла з пакою, Ладымер раз-по-разу азіраўся на дзьверы, прыслухоўваўся да кожнага стуку ў калідоры і нездаволена адварочваўся. У нутры яго закіпела злосьць на Акіліну, і ён ня мог спакойна гутарыць з Даміцэляй. А тая, з свайго боку, адчувала няроўнавагу Ладымеравага настрою і закідала думкамі наперад, як быць, ці астацца, а калі не, то куды ехаць.
— Ваша жонка, відаць, пакрыўджана тым, што я прыехала з вамі?
— Нічога, зьмірыцца, — нераўнадушна адказаў Ладымер, прыўстаў і паглядзеў у вакно. — З вашым братам усялякае бывае. Адны гэткія, а другія іншыя, — ён пусьціў па твары знарочыстую ўхмылку.
— Я думаю, таварыш Ложка, што мне мо’ лепш будзе, калі я выеду ад вас.
— Ніякім чынам; нельга папускацца розным капрызам. Мала што яна захоча? Ёй не падабаецца, што займаюся тэатрам, пасьля нойдзецца іншае што…
За дзьвярыма пачуўся тонкі галасок Паўлусіка. Абое, Ладымер і Даміцэля, настаражыліся і абярнуліся паглядамі да дзьвярэй. Ладымер сабраўся папікнуць Акіліну і ў думках падбіраў адпаведны сказ. Паўлусік адчыніў дзьверы і першы ўбег у хату. А сьледам увайшла цешча. Ладымер спаў з сэрца і пакойным тонам запытаў у Паўлусіка:
— А дзе-ж мама?
— Ня ведаю, пайшла на дзядзінец.
— Вы, маці, яе ня бачылі?
— А ці-ж яна ня дома? — запытала цешча.
— Пайшла недзе.
— То хіба ня будзем яе чакаць, а сядайце ды абедайце, — праказала цешча, прыглядаючыся на Даміцэлю, — Акіліна надыйдзе.