Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/74

Гэта старонка не была вычытаная

камі, а расійцаў — чырвонаармейцамі. Кожны раз ішла бойка ў іх між двумя гэтымі станамі. Сымонка заўсёды быў начальнікам чырвонаармейцаў. Ён чуў, як бацька цішком паведваў мацеры аб хуткім іх прыходзе ў Ступы і сам з нецярплівасьцю чакаў. Абы раніца — выходзіў з хаты на вуліцу, узлазіў на шула і глядзеў на ўсход, за рэчку, ці ня йдуць чырвонаармейцы. Сымонка чакаў, што яны прынясуць яго бацьку работу, а дзеля ўсіх вызваленьне — штосьці вялікае і каштоўнае, бо вельмі ўсімі пажаданае.

— Татачка, ці-ж скора прыдуць чырвонаармейцы? — часта пытаўся Сымонка ў бацькі.

— Скора, скора, сынок. Ты толькі маўчы, нябож, не плявузгай дзе ня трэба, — перасьцерагаў бацька.

Сымонка слухаў бацькі — баяўся каму-кольвечы казаць пачутае ад яго. Але затое сам-на-сам ні на хвілю ня мог звольніцца ад думкі аб чырвонаармейцах; яны здаваліся яму на кожным кроку. А далей сталі сьніцца. Абы лёг на пасьцель, заплюшчыў вочы і сумеўся, як адразу цэлыя грамады людзей перад ім з песьнямі, са сьцягамі, з падарункамі для ступаўцаў. Уваходзяць у Ступы, праганяюць палякоў, надзяляюць імі яго бацькоў, бацькоў Якава, Грышкі і Мікіты і ўсіх-усіх.

Раніца ў раніцу прачынаўся Сымонка вясёлы і здаволены, падбягаў да бацькоў і пераказваў ім свае сны; а скончыўшы расказваць, дадаваў:

— Хай толькі сапраўды прыдуць чырвонаармейцы ў Ступы, дык я разам з імі пайду біць паноў.

Андрэй усьміхаўся, гладзіў Сымонку па галаве і казаў:

— Ваяка мой залаты, рэволюцыянэр мой адважны!

— А вы пойдзеце? — пытаўся Сымонка ў бацькі.


III

Аднэй раніцай, якраз ў сяродку лета, разбудзіў Сымонку гучны стук гармат. Ён сумеўся ад страху і выгукнуў на хату: