Гэта старонка не была вычытаная
— Паночкі-ы, — казала Доўбніха, — Франуська мой толькі ўчора ноччу прыбег ад бальшавікоў… Ён іх ненавідзіць сам… Не чапайце яго, паночкі-ы…
— Ён будзе вам служыць… ён… — прасіў бацька.
Але палякі не ўважалі на нічога: схапіўшы Франуся, яны моцнымі таўхачамі папхнулі яго да дзьвярэй.
Старыя бацькі кінуліся цалаваць рукі палякам — тыя іх сярдзіта адпіхнулі, зачыніўшы дзьверы.
— Страляй яго! Да офэнзывы! — ня сьціхалі крычаць яны ў сенцах і вывеўшы Франуся на двор.
К хаце Доўбняў зьбеглася грамада вяскоўцаў. Многія пачалі закідаць за Франуся словы. Але яны былі гарохам у сьцену: палякі, не зварачаючы ні на кога ўвагі, павялі Франуся на расправу.