бяз крошкі хлеба. Бедныя дзеці, і сёньня ўжо амаль нічога ня елі. Ды калі пазычыў, то ці-ж гэта значыць, што і прадаў? Гэта-ж не на работу пайшоў… Пакінь лепш дратаваць сябе…
Анупрэў нейкі час памаўчаў.
— Маўчы лепш, Луцэя, калі не разрбіраешся ні ў чым. Забастоўка — гэта вайна… А ў вайну нельга аднаму супроціў усіх вясьці перамовы з ворагам. Гэта ёсьць здрада… Глядзі, два тыдні ідзе змаганьне, і гэтыя паганцы-гаспадары не здаюцца. Думаюць прымусіць нас пайсьці на міравую. Хітрыкамі, зморам, завабамі — думаюць… Не падавацца, трымацца, як мага — вось чым можна перамагчы… А я… бачыш…
Анупрэй міжвольна скочыў к вакну, за якім вуліцаю прайшло двое мужчын: яму паказалася, нібы то йдуць да яго Мікола Капач і Антось Скуба…
— Я штрэйкбрэхэрам цяпер лічуся… Першым пайшоў за гаспадарскай ласкаю, — дадаў Анупрэй, як-бы хочучы пакараць сябе за заход да Лейбы.
— За гэта? Не разумею цябе, Анупрэй.
— Кінь… Бяры, лепш, павячэраем, што ёсьць. Заві дзяцей.
Луцэя самапэўнасьцю пайшла ў мыцельнік і стала ўвіхацца каля начыньня. Анупрэй задуменна прачыніў вакно й пазваў дзяцей.
Хутка ўсёю сям’ёю ўселіся за стол, нагнуўшыся над міскай варанае крапівы.
А тымчасам у хаце цямнела.
IV
Праз усю ноч Анупрэй ня мог супакоіцца і заснуць як сьлед. Толькі надыходзіў сон, плюшчыліся вочы і мярцьвела цела, як раптам унутры штосьці адрывалася, прабягала па ўсёй постаці калючая дрыготка — і сон прападаў. Чарадою віліся чорныя думкі-сумненьні, і натужна працавалі мазгі над пытаньнем, як-жа абыйдзецца яго праступак?
Анупрэй і находзіў і не находзіў сабе апраўданьні. Пасудзіць з боку галавы сям’і, з боку бацькі — то ён зусім ня