ЧАСТКА ШОСТАЯ
I
ЯШЧЭ толькі-толькі сонца паднялося з-за лесу й пачырваніла верхавінкі Сілцоўскіх хат, як у акно Нязвычных пачуўся стук і запытаньне:
— Стэпа у дому?
Рыгор прачнуўся і паглядзеў на хату. Маці была ў сенях — ён пачуў яе ўвіханьне з карыццам.
— Маці! — пазваў Рыгор.
Стэпа ўбегла ў хату і, скмеціўшы пад вакном Лейзара Бірмана, адазвалася:
— Ты, Лейзар, хацеў мне што сказаць?
— Так. Ты час маеш?
— Маю.
— Пойдзем паграсаваць градак з дзесяць, га?
— Адна я?
— І Матруна Грышкава ідзе.
— Колькі-ж дасі хаця за гэта?
— Гэ, не пакрыўджу. Або гэта ўпяршыню табе. Тры злотых атрымаеш. Глядзі, во, ужо павудня на дварэ. Зьбірайся.
— Добра… Іду, толькі перакушу чаго-небудзь… Яшчэ-ж толькі што каровы пагналі.
— Кінь ты… Зараз на ранкі прыгоняць… Хутчэй.
Лейзар адыйшоў ад акна, паглядзеў на сонца, пасьля зьмерыў крокамі ўласную цень і пакруціў галавою.
— Матруна! Не марудзь там! — гукнуу ён у бок Загор’я.
Стэпа порстка завярцелася па хаце, жуючы на хаду скарынку хлеба. Але клопату аставалася поўна: адкуль ён браўся, трэба было дзівіцца: хата была не падмецена, малако Рыгору не прыпасёна, да Песі ненаведана за алеем… А, галоўнае, Рыгор яшчэ ня ўстаў. Яна бязмоцна разьвяла рукамі і няведала, як ёй абыйсьціся з сынам.
— Стэпа! — якраз пачулася з-за акна.