Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/169

Гэта старонка не была вычытаная

— Я толькі ня думаў, каб яна аказалася зусім бязвольнай… ці мо’ яна мне няпраўду казала, калі завярала, што будзе спрачацца бацькавым капрызам…

— Ня вельмі паспрачаешся… Зразумела, кожны чалавек па сабе. На мой лад — а мо’ так мне здаецца — я бы знашла ў сябе сілы не паддацца…

— І мне так здаецца. Вось чаму, па мойму, я не сумляваюся, што твае мары аб горадзе могуць з часам стаць рэчаіснасьцю…

Часта бывае так, што адзін выпадак адкрывае перад табою чалавека паўней, ніж доўгае з ім знаёмства. Так было і з Рыгорам. Гэля ў гэтай гутарцы выявіла сябе Рыгору зусім інакшай, ніж ён яе ведаў дагэтуль. І ў гэтым новым яму, Гэліным я, Рыгор бачыў тое, чаго не хапала ў Зосі.


II

ТЫМ ЧАСАМ аставалася ўсяго некалькі дзён да ад’езду. Рыгоравы думкі пераносіліся ў Рыгу. Цікавасьць да Сілцоў меньшала, хоць ён заўсёды любіў, як найпаўней запамятаваць вобраз тых мясьцін, з якімі раставаўся і з якімі ня быў пэўным сустрэцца паўторна. Як здарэньні павернуць справу ў адносінах да Сілцоў, нельга было наперад угадаць. Рыгор ня браўся заверыць сябе, што больш не ачуецца ў родным мястэчку, але разам з тым ў яго ня было ўпэўненасьці ў тое, што хоць калі ды яшчэ раз яму ўдасца аглядаць яго жывапісныя мясцовасьці. У кожным разе будучае мецьме свае настроі і свае адценьні пачуцьцяў, а зараз… Рыгору хацелася выкарыстаць апошнія дні аглядам сілцоўскіх летніх ляндшафтаў, любаваньнем росквіту зялёнага лета. І ён ня спыняў кожнадзеннага наведваньня Хвойніку, прагулак па яго гушчарніку, асалодай яго парным пахучым паветрам. З Хвойніку ён накіроўваў або ў бок жытніх палеткаў, або ў супроцьлежны бок, дзе галелі рудыя папары, стыкаючыся з гарыстымі сядзібнымі вучасткамі сялянскіх гародаў.

Вакола Сілцоў, за кожным палеткам, як вартавыя самадзяржаўнага ладу, ляжалі памешчыцкія маёнткі. Яны сьціскалі сваімі вагромнымі суцэльнымі прасторамі вузкія худыя ніўкі вёсак і ўпарта напіралі на Сілцы. Кожны дзень, у тым, ці іншым канцы местачковых палёў адбываліся сутычкі між панскімі паслугачамі і мяшчанамі — земляробамі: там стражнік пераймаў дзяўчат з травою, там аб’езчык напатківаў бедняка — сілцоўца з пяцьцю--