Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/207

Гэта старонка не была вычытаная

— Яно, праўду кажучы, ты патрэбен для Сілцоў і паміма таго што гэта цікава мацеры. Ты патрэбен нам для нашае організацыі. Паглядзі, у нас, бадай, няма гэткага чалавека, які-б мог добра пакіраваць справаю. Ты пабыў у горадзе, пацёрся ў адпаведных колах і сумеў дасканала пазнаць, як і што ладзіць падобную працу. Бо што-ж мы — Пятрусь, ці я: таўкомся ўвесь час у гэтых Сілцох і ні з месца. Куды-ж нам размахнуцца! З плугам, з касою — то і мы мэты, а ўжо да гаворкі, чаго ад нас пытаць. Гэтыя-ж Якавы ды Сролі таксама недалёка ад нас адышлі… А ты — зусім інакшае. Паглядзі, пабыў у нас нейкі час, а колькі сілы нам уліў, колькі пасобіў у організацыйнай працы! А паедзеш, у нас ізноў пацішае… Праўда, я ведаю, што там, у горадзе, табе больш размаху, і працы таксама больш, ды, пэўна, і працаваць сярод рабочых куды цікавей, як з нашым мяшчанствам, але… і ў нас патрэбна праца, мо’ яшчэ больш, як дзе… Скажы, браток, ці ты не задумоўваўся часамі аб гэтым?

— Чаму не задумоваўся. Думаў, і многа думаў — толькі я-ж кажу, за вошта мне ўчапіцца дома? Пасьвіць каровы? Ці да Бэркі за балагола? Ці да Загуцкага ў двор за парабка? А ў горадзе я адчуваю сябе інакш. За год пасьпеў падвучыцца за сьлёсара, пазнаўся і звыкся з умовамі заводзкага жыцьця… І цяпер як-ніяк, ня гледзячы на маю ранейшую прывязчывасьць да Сілцоў, цягне мяне ў горад хаценьне, як найглыбей пазнацца з яго жыцьцём, дастаць тыя веды, без якіх мы толькі напалавіну людзі, а напалавіну пакорлівыя нявольнікі… Ня толькі жыць, а і змагацца, браток, трэба ўмець. А гэтаму трэба вучыцца. Вучыцца-ж толькі і можна ў горадзе. Кніжка, лекцыя, тэатр, курсы — усё там ёсьць і абы ахвота — вучыся і вучыся. Ужо, вось пабыўшы каля двух гадоў у горадзе, я чую сябе зусім ня тым Рыгорам, што спакойна выслухоўваў Бэркавы сваркі, што прыслухоўваўся да Глякоўскіх перасудаў. Я цяпер, дружышча, выпатрашыў з сэрца малейшыя адзнакі пакоры перад моцнымі, да каплі зьнішчыў веру ў мірнае палепшаньне нашага жыцьця і стаў заядлым, неўтамімым змаганьнікам. Горад уліў у мяне гарт, сілу, а завод засталіў маё нутро… Мне нямерна падабаецца гарадзкі шум, рух, натоўп разьюшаных грамад…

— А нашых Сілцоў, як і ня было ужо для цябе? Наве-