Рыгор машынальна сарваўся з месца, зрабіў некалькі крокаў ад акна і зьдзіўлена спыніўся перад Вільгэльмінаю.
— Уваходзьце! — сьмяшліва праказаў ён.
— Прачакаліся, пэўна? Ведаеце, пакуль увіхнешся з іх вячэраю, дык гатова адурэць: кожную рэч трэба запытаць, аб усім парадзіцца; гэта-ж такія паны, што ня дай ты рады… А скупікі — дык наўзьдзіў…
Вільгэльміна асьцярожна паставіла гарбату на стале; паправіла абрус і прымайстравала крэсла.
— Пеце, пакуль гарачая, — запрапанавала яна.
— Дзякую, — праказаў Рыгор і прыняўся за гарбату.
Аб Вільгэльміне ён тут-жа забыў, хапіўшыся перарваных ёю думак. Але работніца не ўважала на гэта і, абапёршыся на сьпінку ложка, пачала сачыць за Рыгорам: ёй хацелася пагутарыць з ім, аб сім, аб тым распытаць.
— А тая ўсё грае, на яе цураха, — пачала гаворку Вільгэльміна.
Рыгор пасьпешна адвярнуўся ад стала і паглядзеў на служанку зьдзіўленым узрокам, нібы сказаўшы: «А ты яшчэ тут?»
Вільгэльміна на момант замаўчала, пасьля перамяніла стаянку, паправілася на нагах і ўжо сьмялей павяла гутарку далей.
І не надаесьць кожны вечар трумкаць! Проста ў вушшу зьвініць ад гэтага фортэп’яну. Праз цэлы месяц адно і тое. Ліха іх ведае, пэўна няма чаго людзям рабіць. Вось граюць, пяюць, нараджаюцца — і толькі… А ты працуй на іх век, прасьветлае мінуты ня бачучы; бегаеш, таўчэшся за якіх-небудзь няшчасных восем рублёў у месяц, і яшчэ колькі ўшчункаў ды папрокаў атрымаеш.
Вільгэльміна колькі мінут памаўчала.
— А можа я вам перашкаджаю?
— Не, нічога, калі ласка, — суха адказаў Рыгор.
Работніца павярнулася і пашла з пакою, але ў дзьвярох, прачыніўшы іх, спынілася і запытала:
— А вы заўтра пойдзеце на завод?
— Абавязкова, Вільгэльміна, пайду.
— Дык я вас абуджу, калі хочаце?
— Вельмі прашу, буду дзякаваць.
У калідоры пачуўся званок.