Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/281

Гэта старонка не была вычытаная

У гэты момант у хату вярнулася маці. Не падазраючы нічога, яна адвярнулася ў мыцельнік і пачала ўвіхацца з пасудаю. Неўзабаве ўвайшоў і Хведар.

— Сёньня ўжо хай конь пастаіць у хляве, — прамовіў ён да Сёмкі.

І прыняўся за люльку. Шчыра зацягнуўся некалькі разоў засаб і пусьціў на хату густыя камякі дыму. Па хаце расплыўся цяжкі ўдушлівы імпэт атрутлівага самасею. Маці не ўцярпела і вылаялася:

— Прыпаў ізноў, як муха да мёду. І ня скучыць, ліха яму! Адну за другою, адну за другою! Гэта-ж сталёвае сэрца трэба… Ды тое перапятрае… Можа ўжо і так усё нутро прасмаліў. То-ж жартачкі, няма ўнімку, няма сьціханку: смаліць ды смаліць… Вось-жа і Сёмка мужчына, а і не падумае…

— Будзе, годзе, годзе ўжо! — пераняў Хведар! — ты мяне не перайначыш…

Ён сеў каля печы і прадаўжаў спакойна курыць.

— Цьфу! — сплюнула маці і перашла на ціхі голас.

Сёмка пераглянуўся з хлопцамі і ўсе цішком засьмяяліся. Але, каб не прыдаваць увагі бацькоўскім спрэчкам, яны перашлі да новай гутаркі, якую ўзьняў Сёмка.

— А вы ведаеце што? Нашым хлопцам усім трэ’ было-б у горадзе пабываць. Апроч карысьці — іншага нічога. А то мохам абрасьцём у гэтым глухім кутку.

Віктар вышаў на хату.

— Ды, прызнацца вам, — з настроем прамовіў ён: — я такі і рашыўся пусьціцца за Рыгорам. Паеду, павандрую па сьвеце. Можа не загіну… Працы найду — абы здароўе было. Няпраўда?

— А што ты дўмаеш? — падтрымаў яго Сроль: — паедзеш і работы дастанеш, і сьвету пабачыш, і назад вернешся. Ды калі які час прыдзецца бяз працы пабыць — выручаць хлопцы… Я таксама быў у гэткім становішчы, як з Веліжу ў Сілцы дабіраўся: каля дзесяці местаў праехаў, пакуль натрапіў на работу; і хлопцы ўсюды выручалі — не галадаў. А здому пусьціўся з адным рублём… А калі, часамі, і давядзецца крыху пацярпець — што-ж: на горы жыць вучацца.

— Ды яно-ж так. Баішся воўка — у лес ня ідзі. Думаю восеньню проста на Слонім пусьціцца.

— Хіба і мяне бяры з сабою? — напоўжартоўна ўставіў