Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/295

Гэта старонка не была вычытаная

— Давай тут раскідаем рэшту і пойдзем хутчэй; зараз пачнецца разьезд.

Яны шпарчэй забегалі па дарозе, расьсяючы рэшту проклямацый. Угусьцілі дарогу, мэрам заслалі палатном; начаплялі на кусты.

— Хопіць многім. У добры час!


III

АБАІМІ ВАЛОДАЎ УЗДЫМНЫ НАСТРОЙ; не хацелася вяртацца дамоў — паглядзець-бы, як сяляне пачнуць разьбіраць агітацыйныя лісткі! Тут-жа, пад бокам у поліцыі разьвінаецца вялікая справа агітацыі супроціў пануючага ладу! Якая рызыкоўнасьць! Подвіг! Хлопцы адчувалі сябе ўдзельнікамі агромністага змаганьня за вызваленьне працоўных з-пад цяжкага ярма. Гэта адзнаньне ўлівала ў іх нутро сьмеласьць і задзёр. Лічылі сябе шчасьлівымі, што ачуліся ў гэткім становішчы і не хацелі ўспамінаць нядаўніх перажываньняў. З-пад кожнага куста глядзелі на іх ня згусткі цемні, а сьветлыя пляміны. Елкі, арэшнік — сьмяяліся трэпаньнем ралак і лісткоў. Дурманіў пах смалы.

Хлопцы пастаялі хвілін з дзесяць пры дарозе, палюбаваліся зробленым і заспакоенымі накіравалі дамоў. Яны не згаворваліся, кудэю вяртацца, але кожны бяз гэтага ведаў, што ляпей усяго ісьці праз пасеку, а там жытнімі палеткамі, зусім іншым бокам, як ішлі к лесу. Моўчкі сышлі ў кусты і павярнулі нацянькі да палеткаў.

— Давай выйдзем на сьценку, — запрапанаваў Сёмка, калі яны прашлі з поўганоў кустамі.

— Давай!

Заламалі ўлева, прашліся гушчарняком ганоў двое — не патрапілі і завярнулі направа.

Недалёка пачуўся пастушы гоман; зарыкала карова. Хлопцы на некалькі крокаў зьлевілі, але натрапілі на балота і мусілі трымаць правей.

— Заблудзілі, мабыць, — усумніўся Пятрусь.

— Нічога, давай больш не зварочваць.

— Я ўсе вочы павыпорваю…

Нарэшце, нечакана ачуліся на граніцы пасекі.

— Высьці то вышлі, але з якога боку?