Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/309

Гэта старонка не была вычытаная

— Я ўсё-ткі баюся, Волька, каб да мяне ноччу ня трапіла поліцыя?

— Няўжо ты думаеш? — жахнулася Волька.

Яе жах перадаўся Сёмку.

— Усё можа стацца.

Волька шчыльна прытулілася да Сёмкі, мэрам-бы хочучы паказаць сваю рашучасьць змагацца за яго да канца. І на вуха дрыжачым голасам шапнула:

— Перадай мне, калі маеш няможнага.

— Не, нічога няма.

— А ў Пятруся?

— Таксама.

— Дык мо’ нічога?

Збоку іх зацягнулі песьню: «Ды з-за хмары, хмары цёмнае». Песьня заглушыла гоман у Прыдатных і каля Прыдатных ды перакатным рэхам аддалася далёка за будынкамі, у капусьніках. Да зборні пачалі зьбягацца хлапчукі, якія дасюль віліся па падвоканьню ў Прыдатных. Абступілі суцэльным ланцужком дзяўчат і хлопцаў і запішчалі ў ноту сваімі рэзкімі, пісклівымі галаскамі.

Сёмка з Волькаю нейкі час маўчалі ні то слухаючы песьню, ні то раздумоўваючы кожнае па сабе.

Вольку брала нэрвовасьць і таміў неспакой: яна спагадліва зазірала ў вочы Сёмку, раз-по-разу падавала пытаньні. Песьні і жарты надаядалі — стала хацецца іх ня чуць. Забылася суйздром пра сваты і пра тое, што абяцала Зося зайсьці да яе. Нешта міжвольна трымала яе каля Сёмкі, які здаваўся на гэты раз вельмі дарагім, вельмі каханым.

А Сёмка, не патураючы яе настрою, праз некі час нядбайна праказаў:

— Ну… што-ж парадзіць: забяруць — забяруць. Пасяджу — ня я першы, ня я апошні… Быць соцыялістам, трэба паспрабаваць усяго. Жыцьцё — змаганьне…

Волька перабіла:

— Што ты! Не кажы, кінь… Да чаго табе кідацца ў няверу.

— Ты шкадуеш?!

Волька адказала ціхім пацалункам.

— А ў выпадку чаго — не пакінеш мяне, як Зося Рыгора?

— Навошта ты пытаеш?