Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/325

Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ШОСТАЯ



I

НЯ ГЛЕДЗЯЧЫ НА ПОЗЬНІ ЧАС, пасьля бурліва перажытага дня, не патураючы на ўздымны настрой, які падняла ў ім стрэча з Ганнаю, Рыгор помніў, што а сёмай гадзіне раніцы ён мусіць уставаць і ісьці ў завод. Нельга праспаць ні за што! Нельга прапусьціць другі дзень.

Заснуўшы хутка ды крэпка, ён раз-ад-разу прачынаўся і глядзеў на гадзіньнік. Прачнуўся а чацьвертай, а пятай, а палове шостай…

Летні дзень паднімаў раньні золак, празрысты, сіні. Сьвятло абдавала пакой, але адзнаньне, што яшчэ можна паспаць — перамагала ўсё. Рыгор кідаўся ў падушку і засынаў. Нарэшце стрэлка гадзіньніка апынулася на лічбе сем — далей спаць было нельга.

— Так скора сем! як адзін момант. Ах, яшчэ-б гадзінкі са дзьве!

Аднак сустрымаўся ад гэтае спакусы і зьлез з ложка.

Адзеўся, падышоў к акну.

— Вечарам пасплю, калі ня прыдзе-э… Ганна…

Рыгор сілком прагнаў пяшчотныя думкі і прыслухаўся да стуку, які нёсься з надворку.

Праз пару хвілін ён быў на вуліцы.

Сьвежае, яшчэ не запыленае паветра астудзіла Рыгораў твар і прамыла галаву. Ён пачуў сябе разьвей, рухавей. Знашоўся адпаведны, рабочы настрой: перакінулася некая нітачка сувязі ад ранейшых дзён, перад пабыўкаю, да сёньнешняга. Як быццам-бы нічога асабістага ня было: учора, заўчора, тыдзень таму і месяц будзіў яго гудок і к васьмі гадзінам дня вымушаў прыйсьці на завод. Ласьне і наўперад будзе гэткі лёс рабочага чалавека? Сотні-тысячы гэткіх як ён; вось, праз усю вуліцу выцягнуліся, нібы цэлае войска… Рыгору заімпонавала ўдачлівае параўнаньне, і ён азірнуўся назад, усьцяж вуліцы. Сапраўды, яна скрозь