Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/34

Гэта старонка не была вычытаная

— А я чула, што ён няйначай думае сватацца к табе. Мне і надоячы Хлёрыха, яго дзядзіна, казала: «Майго Хлёра нябог, кажа, ня ведае, як тройцу прычакаць, каб паслаць да Мікалаішкі сватоў». «Ды яна-ж ня пойдзе за яго», — кажу я. А Хлёрыха так і спыняе мяне: — «Маўчы, дзіўная ты, вунь бацькі яе ня мусяць, як скарэй даждацца сватоў; яны з вялікаю ахвотаю згодзяцца выдаць Зосю за Берага».

— Ты ня хлусіш, адно? — запытала Зося, ні то сполахна, ці то злосна.

— Дальбог, ну, — не зважаючы гэтага, падмацавала Гэля.

— Хай ім ня думаецца толькі, — цьвёрда праказала Зося і змоўкла.

— А што-ж ты зробіш з імі, цудная? — мягка і разуважна ваткнула Волька.

Зося крыху падумала, азірнулася вакола і, адчаянна махнуўшы рукою, злосна адсекла:

— Ды ня бядуй — сумею зрабіць.

— Эх, эх, Зоська! Маўчы, я табе кажу, маўчы; дальбог-жа маўчы. З бацькамі нічога не парадзіш; іхняя воля над табою: што захочуць — тое і зробяць; забачыш сама — праканаешся.

— Вельмі ты ўгадніца вялікая; ня дужа я палахлівая, — недавольна адказала Зося: — што-ж, калі яны бацькі, дык маюць права мяне жывасілам пёрці туды, куды я сама не хачу? Калі толькі ўздумаюць так рабіць — дык няхай убіраюцца к д’яблу са сваім бацькоўствам.

— Ой, не кажы! — кіўнуўшы пальцам, спыніла яе Волька.

Пакуль яны хадзілі ды гутарылі, надышла другая гадзіна дня. Людзі пачалі разьяжджацца і расходзіцца па хатах: рынак увочавідкі пусьцеў.

— Ну, трэба, хіба, і нам ісьці абедаць, — парадзіла Гэля.

Дзяўчаты пакінулі рынак і накіравалі ў вуліцу, хутка згубіўшыся ў густым натоўпе людзей.


III

ПАСЬЛЯ ТАГО, як Васіль, да болю расьсерджаны на Зосю за тое, што яна не захацела выслухаць яго споведзі, — так тыдзень таму назад, — і гэтак рэзка, нібы варожа, абышлася з ім, праз увесь тыдзень Васіль ня змог спаткацца з Зосяю, каб палюдзку пагаварыць з ёю. А яму, не патураючы на ўсё, вельмі