Нарэшце, раптоўна перадумала плян: «Чаму-ж, каб ён прышоў? А калі я пайду да Андрэя? Ня думаючы, ці варта гэта рабіць, Ганна пасьпешна сабралася і хутка ўжо была на дварэ.
Лёгкі ветрык студзіў яе твар, настрой публікі паднімаў яе настрой. Усё выглядала ў яе ваччу пагоджанай, гармоннай складнасьцю. Як побач гуляюць людзі, стаяць дзярэўцы, бегае трамвай, у дадзены час, на дадзеным месцы — гэтак яна сустрэнецца з Андрээм ці па дарозе да яго, ці на прыстані, ці пры выйсьці з двара. Мог-жа ён толькі цяпер сабрацца да яе — мала што ёй хацелася бачыць раней!
Праз паўгадзіны Ганна стаяла ў дзьвярох беднага двухкватэрнага доміка і глядзела зьдзіўленымі вачмі на прывешаны тоўсты паржавелы замок. Каля яго тырчэў гузічак з маленькім кавалачкам памурзанае паперкі — астатак ад быўшай візыткі.
— Дзе бы ён?
Не магла дадумацца, хоць можна было дагадвацца розна, ці перабраўся на іншую кватэру, ці паехаў у водпуск. Але Ганна была ашаломленай ад нечаканасьці. Замок на дзьвярох спаралюшыў яе пачуцьцё і думкі, і яна стаяла ў нейкай отарапі, ня ведаючы чаго і што… І толькі праз доўгі кавал часу адвярнулася ад дзьвярэй і рашыла праведаць аб Андрэі ў суседзяў. Нельга-ж бяз нічога варочацца, — замучыць сумленьне.
Яна падышла да дзьвярэй кватэры нумар першы і пазваніла. Вышла сівенькая поўная бабулька.
— Выбачайце, ці ня ведаеце, куды выехаў Андрэй Калок?
Бабуля агледзела Ганну падазроным узрокам, памаўчала з хвілінку і нехаця адказала: «У Лібаву», ды зачыніла дзьверы.
Ганна міжвольна здрыганулася ўсёю постацьцю, паглядзела на яго кватэру і павярнула з дзара задуманаю, раззлаванаю.
«Няўжо праўда таму?» думала яна ідучы: «Паехаў і не сказаў, не паведаміў нават. Паехаў, як у прочкі, тайком»…
Яна паглядзела ўсьцяж вуліцы і прадставіла сабе, як мог Андрэй ехаць вось гэтым самым месцам, кудою яна ідзе і, едучы, мог думаць або ня думаць пра яе. Абярнулася — авось здарыцца цуд, і Андрэй сьледам за ёю ідзе ў горад.
Ішлі іншыя людзі: якісь дзяцюк ухмыльнуўся ёй і зрабіў двухсэнсоўны намёк. Ганне стала боыдка і агідна, яна ўскорыла хаду, кінула думаць пра Андрэя і захапілася клопатам як хутчэй вярнуцца дадому, дзе-б спакойна, наадзін ўсё абдумаць.