Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/370

Гэта старонка не была вычытаная

і ён пасьпешна мінуў адзін дом, супыніўся, пастаяў крыху і ізноў зацішаным шагам пайшоў далей. І пасьля перарашыў: «Затрымаюся каля брамы; ня вернецца — пабягу даганяць, а вернецца — пачакаю». Пакуль падышоў — Ганна завярнула назад і пэўна ўгледзела яго, бо раптам зьмяніла кірунак хады і яе тэмп.

Праз колькі хвілін яна ізноў была каля брамы, тут-жа спаткаўшыся з Рыгорам.

Ён уверана, працягнуў ёй руку, гасьцінна ўхмыльнуўся і праказаў:

— Добры вечар! Як гэта здарылася? Ну, пойдзем да мяне?

Ганна не палісьцілася гасьціннасьцю з боку Рыгора: ні засьмяялася, ні падала выгляду задаваленьня.

— Добры вечар!

Суха і працяжна адказала.

— Дзе ты быў так позна? Кожны раз, як назнарок — прыдзеш, а цябе не застаць.

— Кінь падазронасьць… Я ня ведаю, што прымусіла цябе пісаць да мяне гэткую запіску…

— Ты варт таго… Падумай сам, што я магу перажываць. Табе — нічога…

Яны прашлі браму і накіравалі да Рыгора. Ганна ішла, апусьціўшы голаў, нясьмела, як арыштаваная.

— Табе да таго жаднага клопату.

— Што-ж ты думаеш! У мяне — забастоўка, пытаньне жыцьця, змаганьне; ты думаеш, я жыву выключна сабою? Я — адзін з мільёна, кропка ў вялікай гушчы працаўнікоў. Маё жыцьцё цесна пераплецена з жыцьцём гэтае магутнае суполкі людзей… Ганна! — каб ты ведала, якія здарэньні адбываюцца зараз на нашым заводзе, і ў самым горадзе! Мо’ чула, якая грандыёзная дэмонстрацыя адбылася ў чацьвер! Ня чытала хіба? Я выступіў перад рабочымі з натхненаю, палкаю прамоваю, напаліў іх да белага. З інтэрнацыяналам, з воклічамі — на вуліцу! Толькі паглядзець было на гэты вобраз! Тысячы чалавек, якія зьяднаны аднымі клясавымі інтарэсамі, адною монолітнаю думкаю, адным жаданьнем — «уставай, пракляцьцем катаваны!» Зямля, здавалася, траслася ад гэтае сілы. Накіруй яе на абраную мэту — парушынкі не застанецца ад усіх перашкод… мы ішлі — луналі песьні…

— А ўрэшце? Разагнала поліцыя!