— Я зараз, пяць хвілін…
Дзядзіна зазлавала.
— Ніколі, як у людзей…
Наталя паслухала і спынілася. Але не захацела скідаць хусткі, а прысела к сталу ды пасьпешна, не разьбіраючыся ў ядзе, стала вячэраць замест абеду.
Дзядзька, дагэтуль маўчаўшы, заняты чытаньнем газэты, раптам адазваўся да ўсіх:
— Ідуць нясупынныя арышты; арыштавалі ўчора ноччу дзесяцёх чалавек з чыгуначных майстэрань… Арудуе поліцыя… Будзе і нашым… Ліха іх бяры, ня трэба было на гэты раз пачынаць забастоўкі… Усё роўна справы не паправім…
Наталя не сьцярпела: кінуўшы лыжку на стол, яна гостра адказала дзядзьку:
— Ім таго і хочацца… Маўчаць ды адкладваць — лягчэй усяго. Але ці пасобіць гэта нам? Нашу дабрату ні фабрыканты, ні поліцыя дорага ня цэняць…
— А ты вельмі гарачая… Што-ж, на ражон лезьці?
— Як трэба, то трэба…
— Выйграеш гэтым!
— Больш, як пакораю ды паслухмянствам.
— Відаць!..
Ён паглядзеў на газэту, павадзіў па слупкох вачыма і праз хвіліну трывожна праказаў:
— Вось, глядзі: «Нарада фабрыкантаў пастанавіла абвясьціць лёкаут. У першую чаргу…»
Ён прыглядзеўся і ўжо спалохана дадаў:
— Ёсьць ужо… Во, во, во… «У першую чаргу будзе зачынены паравозабудаўнічы завод і фабрыка… «Праваднік»…
Наталя не чакала.
— Сапраўды?
— Вось табе і сапраўды.
Яна стала думаць, вяла жуючы хлеб.
— Палохаюць, ня болей.
— Зачыняць на лета, а ты…
Дзядзька занэрваваўся, устаў з крэсла і пачаў тупаць па пакоі, размахваючы рукою.