Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/437

Гэта старонка не была вычытаная

Перад Рыгорам, толькі ў іх камэру ўпусьцілі дваіх сьвежых арыштаваных, бліснула цікава-настарожанае пытаньне: ці не папала разам і Наталя? Ён хацеў зразу распытаць пра гэта, але неяк загутарыўся аб іншым, і толькі праз гадзіну, п’ючы гарбату, абярнуўся да сьвежага таварыша з запытаньнем:

— Ці ня чулі аб Наталі Чмель з фабрыкі «Праваднік»?

Таварыш падумаў.

— Якая яна сабою?

— Сярэдняга росту, брунэтка!

— Як быццам-бы мігнулася паміж, калі нас прывялі ў турэмную кантору… Ці то перад уваходам… Быццам-бы ўпэўнена не скажу.

Яшчэ падумаў і праз хвіліну ўверана сказаў:

— Так, бачыў. Яна — стройная, у шэрым жукеце…

Для Рыгора было ўсё ясна, ён ужо не хацеў распытваць падрабязна. Наталя! І перад ім згрудзілася ў адно і пісьмо да мацеры, і рэчы, аб якіх прасіў, каб Наталя забрала, і рэгулярныя весткі з волі, якія меўся атрымоўваць праз яе, і чародныя спатканьні з ёю. Пляны гэтыя пераблыталіся, зьмяшаліся, спанталыжылі яго. Рыгор то падтрымоўваў гутарку з таварышамі на агульныя тэмы, а то адышоў ад яе, замоўк і аддаўся раздумам. Ажно ўсім кінулася ў вочы.

— Аб чым ты сумуеш горай усіх? — пацікавіўся Ромусь.

— Ёсьць прычына… Ці-ж ня чуў?

— Якая?

— Наталя, брат, таксама папалася.

— Дык аб гэтым?

Рыгор пацяў плячыма.

— Ня тое, каб аб ёй самой, але, ведаеш, разьбіліся пляны. Мацеры колькі часу ня пісана, — тая гіне ад невядомасьці аба мне, адна, бяз грошай, старая… Далей… Усё-ж, ня тое, як-бы на волі Наталя заставалася. Зразумела… Ну але… Вось як-бы зьвязацца з ёю?

Ромусю паказалася гэта простаю рэччу.

— Гэта ўладзім.

— Разумееш, пісьмо ці пасьпела напісаць — вось цікава.

— А ўжо тады разьведаеш…