Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/106

Гэта старонка не была вычытаная

расла прага да сьвядомасьці. Апошняе падказала таварышом абраць Пятруся сябрам управы культурна-асьветнага таварыства аднаго з пецярбурсскіх раёнаў. Гэтай працы Пятрусь аддаў многа ўвагі і стараньняў. Кожны дзень, пасьля работы, наведваў ён таварыства, пасабляючы організацыі і ўкомплектаваньню бібліотэкі, апрацоўцы програмы чыннасьці, адшуканьню лектароў. Заахвоціўся Пятрусь і тэатрамі. Ня было таго тыдня, каб ён не пабыў ці на драме Гайдэбурава ці на опэры ў Народным доме, або ў Музыкальнай драме.

Пятрусь сам сабе дзівіўся, адкуль у яго стаўся гэткі круты, гэткі раптоўны пералом. Дапамінаў пра гэта ў сваіх лістох і не абмінаў у гутарках. Яго неўгамонна прагнула паказацца Рыгору — прадставіцца яму ў перавобразным выглядзе. Сустрэцца хутчэй з Рыгорам і пагутарыць з ім — ці-ж бы гэта дапамінала сілцоўскую стрэчу? Ніколі! Ня выходзіла з памяці Пятруся, калі ён, угледзеўшы Рыгора, толькі слухаў яго, ня ведаючы, як падысьці да чапаных Рыгорам пытаньняў. Гарадзкое жыцьцё, умовы партыйнае працы ў горадзе, магчымасьць стыкнуцца з рознастайнымі пытаньнямі і атрымаць на іх адказ — гэтага не хапала для Пятруся ў Сілцох. І ён разумеў Рыгора, калі той заўжды падгаварваў іх усіх і асабліва Сёмку — кінуць мястэчка ды паехаць у горад. Пятрусь па-таварыску ўпікаў Рыгора, чаму той не напіраў з гэтым на яго, а выключна на Сёмку. Ня верыў у Пятрусёву рашучасьць? Напэўна. Бо Сёмка, як зараз стала Пятрусю зразумелым, меў больш даных на гэта: мацней захапляўся ўдзелам у соцыялістычным руху, быў болей за яго начытаным, Рыгор усё гэта ўзважваў. Як-жа іначай? А цяпер? Пятрусь атрымліваў лісты ад Сёмкі, чытаў іх і недаўмяваў: якім, аднак, адсталым ён зрабіўся! Зацягнула жыцьцёвая дрыгва… і радаваўся, што лёс самога не ўвагнаў на гэта. Цэлы шэраг пытаньняў, высунутых апошнімі месяцамі Пятрусёвага гарадзкога жыцьця, патрабаваў абгавору… Ды абгавору з гэткім чалавекам, як Рыгор.

З гэтых разважаньняў і ў дадатак з пачуцьця шчырае таварыскасьці да Рыгора Пятрусь увесь час думаў пра яго, пра іхнюю блізкую стрэчу. Словы Рыгоравай мацеры, выказаныя на праводзінах, Пятрусь выразна помніў: «Можа стрэнешся з Рыгорам, дык скажы яму, сынок…» Рыгор тады быў у Рызе і ці меў думку наведацца ў Пецярбург — цяжка было сказаць. Але Пятрусь ня траціў веры, што з Рыгорам спаткаецца — абы дзе: у Пецярбурзе