Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

і таемны. І вось, злучыцца сотня, тысяча гэткіх адзінак, і якая знойдзецца сіла! Горы парушыць, зьнясе на сваім шляху найбольшыя перашкоды».

На ўмывальніку зіхацелі разьлітыя кроплі вады, і тонкія ніткі сьвятла падалі на Рыгораў твар, сур’ёзны ды задуменны. Сонца выпякала на ім ранейшую сьвежасьць, пакрывала цьмянаю загараю. У бровах, пасмутнеўшых ад пылу і духаты ў заводзе, мянялі нядаўнія рысы маладое міны. Усе адзнакі працоўнага жыцьця — былі наповерху. Астрог, мукі няволі, высылка і доўгія пякучыя думкі пра мацеру, пра яе адзіноцтва — сьвяціліся ў вострым узроку, у лёгкім нахіле простае, роўнае постаці.

Рыгор натхненна глядзеў у наступнае, лавіў вачамі яскравы промень і цешыўся нараджэньню чалавека, якое яго абудзіла.

Новае месца, куды Рыгор папаў, яго ня смуціла. Ня думаў Рыгор пра тое, як і навошта жыцьме, калі ня ўстроіцца на рабоце. Але як яму наладзіць будзе сваю працу? Ці нойдзецца для яго належны размах? Ці ўложыцца ён у вузкія рамкі мястэчка? Ці лёгка ўдасца перайначыць сябе водлуг новых умоў?

Было шкада Рыгі, як месца, з якога яго выпхнулі, адарвалі ад рабочае гушчы, выслалі, заставілі пакінуць. Шкадаваў Рыгор і крыўдзіўся на самога, чаму ня сумеў адстаяць сябе, заперакорыць і ня здацца варожай сіле. Крыўда была глыбокаю і ўпічнаю.

Гэта-ж ён, Рыгор, ня так даўно ў тысячным натоўпе рабочых выходзіў з пераможнымі песьнямі на вуліцу…

Цяпер-жа, вось… А мо’ таго ня было? Можа то выпадковы скіц на палатне жыцьця… не пераказны ўдвойчы?

Так далёка ад яго, а так сьвежа і яскрава! Ні астрог, ні правал забастоўкі, ні лёкауты — у агульным жыцьці, а ў прыватным — ні расстаньне з Наталяю, з мацераю, з самаю працаю ў Рызе — не зацьмілі яскравасьці ды сьвежасьці тых перажыткаў.

Паўтарыцца — ён быў увераны, як у стук колаў сялянскага возу, на якім ехаў у высылку. Калёсы тарахцелі па нерастаўшых ледзяках і аголеных камянёх; возік тросься, штурхаючы яго аб білы, а сэрца цюкала: ня мі-не-цца! Ня мі-нецца! Адна бяда — гэта ў тым, што яго чаго добрага абыйдуць новыя рыскія здарэньні.

Рыга — кацёл на агні. Сёньня астыгшы, а на заўтра — зноў у поўным кіпеньні. Вось, здарыцца, закіпіць, а яму — ня бачыць.