Рыгор моўчкі спыніўся з двума таварышамі пад брамаю рагавога будынку. Узьнятае хваляваньне ня пускала адчыніць рот для вымовы слоў. Нутро цяжыла нявыразная жагучая млосьць. Утраіх глядзелі яны ў бок Ломанскага завулку. Там ідзе расправа?.. Зьнянацку для іх пачуўся цьвёрды тупат шагоў і выразны, сьмелы выгук: «Пятрусь, пачакай!» Яны хутка выйшлі з-пад брамы на тротуар і паглядзелі ў бок выгуку. Трое цёмных фігур пераходзілі касяком проспэкт.
— Пятрусь? — гукнуў Рыгор.
Фігуры спыніліся. І толькі праз хвіліну Рыгор з таварышом пачулі:
— Рыгор?
— Я. Вы адкуль? — падаў Рыгор.
Тыя не адказалі і накіравалі да Рыгора з таварышамі.
— А вы чаго тут? — запытаў Пятрусь, падышоўшы і ня верачы, што перад ім сапраўды Рыгор.
— Мы…
Рыгор намерыўся тлумачыць, але мусіў спыніцца: дзесьці недалёка заляскаталі па бруку конскія падковы — ехаў аб’езд. Яны цішком падаліся да брамы, пад якой стаяў дасюль Рыгор з таварышамі.
— Няўжо іх чорт пагоніць сюды? — шэптам праказаў Пятрусь.
— Аблава, напэўна…
Але яны змоўклі і настаражыліся. Тупат конскіх шагоў нейкі час падбліжаўся, пасьля раптам зьнік. Было відаць, што разьезд завярнуў у бліжэйшы завулак.
— Цяпер можна рухаць далей, каму куды трэба, — выказаў Рыгор, і не пасьпеў ніводзін з іх крануць з месца, як ён дадаў:
— Дык вось, браткі, значыць мы прайгралі забастоўку.
— Чаму? — запытаў адзін з тых, што ішоў з Пятрусём.
— Ня верыш? Во, глядзі на нас… Мы — рэштка абаронцаў дому на Ломанскім… Астатнія хмаркі расьсеянай буры.
— Здаліся?
— Папрабуй ня здацца…
— Разумею…
— Дык і ты ваяваў?! — зьдзівіўся Пятрусь.
— Так, цэлую пору ваяваў… А ты думаў?..
— А я думаў, што ты даўно ў «Крэстох». Цэлых тры дні не паказваўся…