— Рыгор, я да вас! — палахлівым голасам праказала яна.
— Калі ласка! Пойдам наверх.
— Не, тут… Я з сумнаю навіною да вас… Ці вы ня чулі хіба? — перарыўна запытала Рыма.
Рыгор вытарашчыў вочы і ўпарта паглядзеў на дзяўчыну.
— Якія навіны?
— Учора вечарам… Пятруся арыштавалі… Я толькі з яго кватэры — проста да вас…
— Пятруся арыштавалі!.. Ці ня ў зьвязку са сходам упаўнаважаных?.. — устрывожыўся Рыгор. — Што вы кажаце? Гм? Як-жа быць? Як і што? Раскажэце…
— Так, вось… Учора а дванаццатай гадзіне ночы, а можа пазьней, прышлі на кватэру і… А сёньня абвешчана ваеннае становішча… Чаго добрага…
— Вы былі ў яго на кватэры?
— Не, гаспадыня прыбягала да нас…
Зьнянацкая навіна Рыгора ашаламіла. Ён ня ведаў, куды накіраваць думкі. Арышт Пятруся нёс з сабою цэлы шэраг зьмен нядаўна апрацаваных плянаў, перакомбінацыю стасункаў у штодзенным жыцьці. І разам з гэтым сьведчыў пра разьнятае поліцыяй наступленьне на рабочых.
— Цікава, пры якіх абставінах гэта адбылося! — казаў ён Рыме. — Мо’-б нам наведаць гаспадыню кватэры?
— Ласьне ад яе выпытаеш? Гэта-ж зараза — не чалавек… Што-ж, паедзем на кватэру…
Яны выйшлі з двара і пайшлі на Сампсоніеўскі проспэкт. Па дарозе Рыгор апусьціў у скрынку лісты.
Праз паўгадзіны яны стаялі перад брамаю дачы, у якой жыў Пятрусь. Гаспадыня Пятрусёвай кватэры загледзіла іх з акна і падала вокліч:
— Выбачайце, вы да Бока? Яго няма.
Рыгор з Рымаю спыніліся і паглядзелі на гаспадыню.
— Даруйце, нам трэба да вас, — праказаў Рыгор.
— Да мяне, гм… — гаспадыня завярцелася ў акне і адвярнулася на пакой.
Яны прайшлі ў двор, узышлі на ганак і пазванілі.
— А дзе Бок? — у прачыненыя гаспадыняй дзьверы запытаў Рыгор.